Выстава графікі “АкваАрэлі+” вядомага беларускага мастака, сябра творчай суполкі “Пагоня” Алеся Мары (Аляксея Марачкіна).
Упершыню творца паказвае гледачам графічныя творы, пераважна акварэлі. Адсюль і такая назва – “АкваАрэлі+”. Слова складваецца з двух частак: “Аква” – вада, “Арэлі” – фантазійная гушкалка на тле белай паперы, па якой расцякаюцца падуладныя мастаку каляровыя вадзяныя плямы.
У экспазіцыі прадстаўлена розная тэматыка – ад успамінаў дзяцінства да сёняшняга дня, які складаецца не толькі з аптымістычных фарбаў расперазанага пазітыву “все пляшут і поют”, але і негатыву, які ў большасці сваёй прыгнятае асобу. Мастак не абмінае вострых вуглоў, гэтым характэрна ягоная творчасць, пра гэта прамаўляюць ягоныя творы.
На думку мастака, акварэлі, гэтыя фарбы-пігменты, найбольш натуральны матэрыял для мастака, які сягае ў далёкае мінулае. Як сцвяржае Алесь Мара, знянацку разлітая вада на паперы мае сваю эстэтыку, сваё формаўтварэнне, пластычнае ўвасабленне. Вада – Божая субстанцыя, а ў Беларусі яна асаблівая. Як напісаў Алесь Разанаў у сваіх паэтычных радках “Напачатку было балота”.
Думаецца, што творы Алеся Мары не пакінуць гледача абыякавым і дадуць новы імпульс у пазнанні Мастацтва, а значыць Жыцця.